Галоўная старонка

 

 

 


Віцебская раённая бібліятэка пачала сваю дзейнасць у 1947 годзе. Спачатку бібліятэка размяшчалася ў памяшканні Дома культуры па вуліцы Дзімітрава. Праз год раённая бібліятэка была пераведзена ў пасёлак  Ціраспаль. Фонд бібліятэкі быў невялікім. З часам адбылося яго папаўненне, дзякуючы намаганням саміх чытачоў. Кнігі аддавалі бібліятэцы ў дар. Тут працавалі:

  • Івашына Еўфрасіння Рыгораўна (загадчыца бібліятэкі);
  • Сцепаненка Яўгенія Ульянаўна (загадчыца чытальнай залы);
  • Башарымава Лідзія Кірылаўна (загадчыца дзіцячым аддзелам);
  • Русакова Ніна Фамінічна (загадчыца перасоўным фондам).

     Работнікі раённай бібліятэкі аказвалі метадычную дапамогу бібліятэкам раёна, выязджалі на месцы, па выніках работы за год складалі зводныя справаздачы.

         У 1955 годзе кніжны фонд бібліятэкі павялічыўся да 19 214 экз., кнігавыдача склала 28 733 экз. Паслугамі бібліятэкі карысталіся  1 363 чытачы з іх на абанеменце – 579 чыт., па перасоўках – 784. Пры бібліятэцы працаваў гурток мастацкага чытання, у якім удзельнічала дзевяць чалавек.

         У 1962 годзе кніжны фонд бібліятэкі ўзрос да 33 109 экз., кнігавыдача склала 32 709 экз., чытачоў налічвалася 2 283. За гэты год было зроблена 53 выезды ў сельскія бібліятэкі для аказання дапамогі ў рабоце. Асаблівая ўвага ўдзялялася адбору састарэлай літаратуры.

         Адбыліся некаторыя кадравыя перастаноўкі. Івашына Еўфрасіння  Рыгораўна зволілася ў сувязі з пераходам на іншаю работу. Загадчыцай бібліятэкі была прызначана Русакова Ніна Фамінічна. Пасля заканчэння бібліятэчнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута па накіраванню прыехала працаваць Прыходзька Святлана Мікалаеўна. Яна была прызначана загадваць перасоўным фондам. У бібліятэцы таксама працавалі: Башарымава Раіса Кірылаўна, якая прыехала пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. Белахвостава Ніна Данілаўна, закончыла Мінскі бібліятэчны тэхнікум, Сцепаненка Яўгенія Ульянаўна.

         У той час ад раённай бібліятэкі працавалі 15 бібліятэк-перасовак. Добра была наладжана работа па абслугоўванню чытачоў в.в. Янапаль, Білева. Адна з перасовак была арганізавана ў вёсцы Давыдаўка (пасёлак Ціраспаль). Тут працавала Канавалава Варвара Іванаўна. Колькасць чытачоў раённай бібліятэкі год ад году павялічваўся. Так, у 1964 годзе іх колькасць склала 2 414, кнігавыдача 26 350. Раённая бібліятэка прыняла ўдзел у правядзенні Усесаюзнай маладзёжнай  канферэнцыі “Маладыя героі літаратуры”.

         Раённая бібліятэка становіцца метадычным цэнтрам для сельскіх бібліятэк раёна. За 1966 год зроблена 90 выездаў у культасветустановы раёна, праведзена 7 семінараў для бібліятэкараў.  У гэтым годзе бібліятэка абслугоўвала 2 241 чыт., было арганізавана 16 бібліятэк-перасовак для абслугоўвання аддаленых вёсак, 2 пункты выдачы ў саўгасе “Сялюты” і пасёлку Ціраспаль. У 1966 годзе бібліятэку ўзначаліла Касарэўская Ніна Данілаўна. Агульная колькасць бібліятэк у раёне павялічваецца, таму што расце колькасць насельніцтва ў зонах абслугоўвання. У раёне працуюць раённая бібліятэка, Суражская гарпасялковая, дзве дзіцячыя (раённая і Суражская дзіцячая), 28 сельскіх бібліятэк, 31 бібліятэка пры сельскіх клубах. Кніжны фонд – 33 873 экз.

      У 1967 годзе дырэктарам бібліятэкі прызначана Прыходзька Святлана Мікалаеўна, спецыяліст з вышэйшай адукацыяй, пяцігадовым вопытам практычнай работы.

У перыяд з 1968 па 1972 г.г. сетка дзяржаўных масавых бібліятэк павялічваецца да 65. Адкрываюцца новыя бібліятэкі. Так, у 1968 г. адкрыта бібліятэка ў вёсцы Мазалава.

    Васьмідзесятыя гады – гэта час станаўлення бібліятэчнай справы ў раёне. Так, згодна рашэнню выканаўчага камітэта ад 11.05.1978 г. № 184 Віцебскага райсавета народных дэпутатаў “Аб цэнтралізацыі сеткі дзяржаўных бібліятэк Віцебскага раёна” дзяржаўныя бібліятэкі раёна  былі аб’яднаны ў адзінаю сістэму. У цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму ўвашлі: цэнтральная раённая бібліятэка, дзіцячая раённая бібліятэка, Суражская і Янавіцкая гарпасялковыя, Суражская дзіцячая і 60 сельскіх бібліятэк-філіялаў.

       У цэнтралізаванай бібліятэцы было выдзелена некалькі аддзелаў: аддзел абслугоўвання, аддзел апрацоўкі і камплектавання кніжнага фонду, методыка-бібліяграфічны аддзел. Узначаліла сістэму дырэктар Піліпенка Святлана Мікалаеўна.

       Была праведзена вялікая работа па стварэнню адзінага зводнага каталога, які ўключаў звесткі  аб фондах усіх бібліятэк-філіялаў, уваходзячых у цэнтралізаваную сістэму.

    У бібліятэцы працавалі вопытныя спецыялісты бібліятэчнай справы, актыўныя прапагандысты кнігі:

  • Піліпенка Святлана Мікалаеўна – дырэктар РЦБС;
  • Гімпельсон Святлана Ігараўна – загадчыца методыка-бібліяграфічнага аддзела;
  • Мудрычэнка Раіса Кірылаўна – загадчыца аддзела абслугоўвання;
  • Касарэўская Ніна Данілаўна – загадчыца аддзела  камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонда.

   У 1994 годзе цэнтралізаваная сістэма была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення культуры за стварэнне эстэтычнага асяроддзя ў бібліятэках і значную работу па адраджэнню нацыянальных абрадаў, мовы і культуры.  

       Па выніках работы за 1996 год Віцебская РЦБС была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта  за высокія паказчыкі ў рабоце і творчы ўклад у бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва.

     У 2006 годзе на пасаду дырэктара Віцебскай РЦБС прызначана Нісневіч Галіна Дзмітрыеўна, спецыяліст з вышэйшай адукацыяй, шматгадовым вопытам практычнай работы.

       Па выніках работы бібліятэчнай сістэмы ў 2015 годзе Нісневіч Г.Д. прысуджана прэмія Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі "Лепшы бібліятэчны работнік".

      Бібліятэкі сістэмы актыўна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах:

  • 2008 год Капцянская сельская бібліятэка (аграгарадок Копці) становіцца пераможцай абласнога конкурса “Інавацыі ў рабоце сельскай бібліятэкі” за прадстаўленне электроннай прэзентацыі “Нармандыя - Нёман”;
  • 2008 год Сасноўская сельская бібліятэка вызначана лепшай у абласным туры рэспубліканскага конкурса “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” у намінацыі “За пошуковую і даследчую працу” за напісанне “Летапісу села”;
  • 2010 год Бабініцкая сельская бібліятэка (аграгарадок Бібінічы) з’яўляецца пераможцам у абласным конкурсе “Інавацыі ў рабоце сельскай бібліятэкі” за складанне эколага-краязнаўчага маршруту;
  • 2012 год Даўжанская сельская бібліятэка вызначана пераможцам абласнога і рэспубліканскага тураў у конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” у намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” за стварэнне электроннага краязнаўча-турыстычнага маршрута “Сцежкамі роднага краю”.
  • 2015 годзе на конкурс быў прадстаўлены вопыт работы Вымнянскай сельскай бібліятэкі - агучаны краязнаўчы нарыс "Праз час далёкі летапісны". Па выніках конкурса бібліятэка ўзнагароджана заахвочвальнай прэміяй.
  • 2016 год Курынская сельская бібліятэка стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу (1 месца) у намінацыі "За пошукавую і даследчую працу". Быў прадстаўлены імідж-праект "Фактары поспеху маёй бібліятэкі" з выкарыстаннем электронных рэсурсаў і папяровых носьбітаў.
  • 2017 год Сасноўская сельская бібліятэка стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу (2 месца) у намінацыі "За пошукавую і даследчую працу".

        Работнікам бібліятэк сістэмы раёна неаднаразова прысуджаліся прэміі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва:

  • 2006 г. – Акцябрская сельская бібліятэка;
  • 2009 г. – Кіраўская сельская бібліятэка;
  • 2010 г. – Курынская сельская бібліятэка.

        У 2010 г. бібліятэчная сістэма раёна за значныя дасягненні ў бібліятэчным абслугоўванні насельніцтва і актыўнае ўкараненне  інавацыйных форм работы ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.

         Згодна Рашэння Віцебскага раённага выканаўчага камітэта ад 10.06.2013г. № 747 створана дзяржаўная ўстанова культуры “Віцебская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”.

       У цяперашні час (на 01.07.2017г.) бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва Віцебскага раёна займаюцца 26 публічных бібліятэк Міністэрства культуры:

  • 1 цэнтральная раённая;
  • 2 гарпасялковыя (Суражская, Янавіцкая);
  • 23 сельскіх бібліятэк (з іх – 3 бібліятэкі-клуба).